Филиал БГЭУ
"Минский торговый колледж"

Главная arrow Общежитие arrow Творчы вечар Дзмітрыя Пятровіча “Пакуль баліць душа паэта…”
Творчы вечар Дзмітрыя Пятровіча “Пакуль баліць душа паэта…” Версия для печати Отправить на e-mail
31 студзеня 2018 года навучэнцы нашага філіяла, якія пражываюць у інтэрнаце, і супрацоўнікі бібліятэкі наведалі аўтарскі вечар паэта, празаіка, кампазітара і спевака Дзмітрыя Пятровіча, які адбыўся ў бібліятэцы імя Я.Купалы. Вечар быў наладжаны Мінскім  гарадскім тэатрам паэзіі. Вёў імпрэзу лаўрэат Дзяржаўай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Міхась Башлакоў.

Сваё выступленне Дзмітрый Пятровіч пачаў песняй – споведдзю “Родная крыніца”. Як адзначыў творца, гэта песня заўсёды пачынае яго выступленні, бо ў ёй успамін пра бацькоўскую хату, пра родную вёску, пра самых дарагіх людзей. На экране  ў гэты час – жыццёвы летапіс Дзмітрыя Пятровіча ў фотаздымках.

“Помніш далёкае?” – песня, якой Дзмітрый Пятровіч прадставіў наступнага выступоўцу – старшыню  Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова. Ён прачытаў верш “Роднае слова”, у якім выказаў трывогу за лёс роднай мовы.

Яшчэ адзін выступоўца  - Міхась Шабовіч, паэт, выкладчык  БДПУ, расказаў пра студэнцкія гады Дзмітрыя Пятровіча, пра іх творчае  супрацоўніцтва. Яскравым прыкладам такой сумеснай творчасці прагучала песня “Пералётная птушка”. Выканаў гэту песню лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь      “За духоўнае адраджэнне” спявак Алег Сямёнаў.

Паэт Аляксандр Быкаў, лаўрэат прэміі “Залаты Купідон”, прыехаў з Нарачы. Як ён сказаў, рыбы ў падарунак не прывёз, бо “рыба пад лёдам, а лёд нетрывалы”. У якасці падарунка прывёз пародыі, напісаныя ім на вершы Дзмітрыя Пятровіча.

Сярод выступоўцаў на вечары варта адзначыць паэтэсу са Случчыны Ганну Міклашэвіч, перакладчыцу Лізавету Паліес, паэта са Шчучына Славаміра Антановіча.

Крытык Л.Вараб’ёва дала ацэнку прозе Дзмітрыя Пятровіча. Цікава заўважыць, што гераіні празаічных твораў  “Джэк” і “Дзяўчына пад вадаспадам”, аднакурсніцы Дзмітрыя Пятровіча, прысутнічалі на вечары.

Адну песню – “Снег” – Д.Пятровіч выканаў на піяніна, хаця, па яго прызнанні, вучыўся на акардэаніста. Усе песні, якія гучалі на вечарыне , былі выкананы аўтарам пад  акампанемент гітары.

Спявак Андрэй Зыгмантовіч праспяваў песню Д.Пятровіча на яго верш “ Мае Галаўнінцы”. Галаўнінцы – вёска, адкуль родам маці аўтара. (Першапачаткова верш меў назву  “Маёй вёсцы”.)

Завяршылася імпрэза вершам у выкананні аўтара, радкі з якога і далі назву творчаму вечару, - “Пакуль баліць душа паэта…”.





 
< Пред.   След. >
©УО МГТК
©

Template by

www.Ahadesign.eu