Да 100-годдзя са дня нараджэння Пімена Панчанкі…
У год 100–гадовага юбілея знакамітага беларускага пісьменніка Пімена Панчанкі нашы актывісты наведалі музей народнага паэта Беларусі. Ён  знаходзіцца ў сярэдняй школе № 199. З’явіўся ён у гэтай установе ў 2003 г., ля вытокаў яго стварэння стаялі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Яніна Плашчынская і першы дырэктар школы Сергей Странкоўскі.Музей арганізаваны менавіта ў гэтай школе не выпадкова: яна размешчана на вуліцы, названай у гонар Пімена Емяльянавіча. Акрамя таго, Яніна Плашчынская была ў сяброўскіх адносінах з жонкай паэта Зояй Кірылаўнай. Таму ўдава не проста перадала школе рэчы мужа, але і прыняла самы актыўны ўдзел у стварэнні экспазіцыі.
Экспазіцыя пачынаецца са стэнда, на якім выявы больш чым 20 вокладак кніг паэта.
“Паэзія – самы няўлоўны сакрэт, які не будзе нікім рассакрэчаны”.
Невялікі пакой стылізаваны пад кабінет паэта. Нядаўна ў музеі зрабілі невялікі рамонт. Але, каб захаваць дух таго часу, вырашылі не выкарыстоўваць сучасныя матэрыялы. Нават пакінулі на паліроўцы стэлажоў кругі ад кубачка з гарачым чаем. Сляды часу- сколы, драпіны- засталіся некранутымі і на фартэпіяна, на якім вучылася іграць не адно пакаленне Панчанкаў. Вітрыны для экспанатаў таксама засталіся ранейшымі. Яны гарманічна супадаюць па стылю з мэбляй з кватэры паэта.Здаецца, што час тут спыніўся, і паэт, сапраўды,  вось-вось зойдзе ў пакой .
Сёння у фондзе музея больш за 1000 арыгінальных экспанатаў: кнігі рукапісы, фотаздымкі, грампласцінкі, электрабрытва, фотаапарат, акуляры, касцюм з баявымі і дзяржаўнымі ўзнагародамі, ганаровыя граматы, віншавальныя адрасы з подпісамі пісьменнікаў - І.Мележа, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, А.Лойкі, П.Броўкі, А. Макаёнка…
Асабістыя рэчы П.Панчанкі прадстаўлены ў 5-ці тэматычных раздзелах.
На рабочым стале друкавальная машынка, штодзённік з паметкамі, зробленымі рукой П.Панчанкі, ручка, плеценая скрыначка для лякарства, тэлефон.
На стэлажах асабістая бібліятэка. У вазе букет з яго любімых сініх касачоў.
Паэт шмат падарожнічаў. З паездак прывозіў сувеніры. У музеі можна ўбачыць нос рыбы-пілы, узбекскі халат, туркменскую цюбецейку, вырабы з Непала.
За час падарожжаў паэт змяніў не адзін чамадан. Ключыкі ад іх збірала Зоя Кірылаўна. У калекцыі аказалалася 17 ключоў.
Есць у музеі  званочак з Валдая, выліты па тэхналогіі 1125 г. П. Панчанка быў ганаровым жыхаром гэтага расійскага горада. Званочак сустракае школьнікаў 1 верасня і праводзіць у маі выпускнікоў.
Кожны год 23 жніўня ў школе адзначаюць дзень нараджэння паэта. Першы ўрок першакласнікаў праходзіць у літаратурным музеі.